«РЭ́ЙКАВАЯ ВАЙНА́»,

умоўная назва аперацый сав. партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыг. камунікацый на акупіраванай гітлераўцамі тэр. Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны і Арлоўскай, Бранскай, Калінінскай, Ленінградскай, Смаленскай абл. Расіі ў Вял. Айч. вайну. Аперацыі «Р.в.» планаваліся ЦШПР і праводзіліся звычайна напярэдадні ці ў час наступлення Чырв. Арміі на франтах. На Беларусі ў 1943—44 «Р.в.» праходзіла ў 3 этапы. 1-ы этап пачаўся ў ноч на 3.8.1943, калі каля 74 тыс. партызан нанеслі ўдар па чыг. камунікацыях акупантаў у час контрнаступлення сав. войск пад Курскам, і працягваўся да сярэдзіны вер. 1943. За перыяд з 16 ліп. да 5 жн. 1943 сав. лётчыкі за 90 вылетаў даставілі бел. партызанам 144 т грузаў (тол, міны, бікфордаў і дэтануючы шнуры і інш. сродкі баявога забеспячэння). Было ўзарвана больш за 121 тыс. рэек, поўнасцю выведзены са строю чыгункі Бабруйск — Старушкі, Жлобін — Калінкавічы, Цімкавічы — Асіповічы, не дзейнічалі ўчасткі Полацк — Маладзечна 15 дзён, Мінск — Маладзечна 10 дзён, на чыг. Магілёў — Крычаў, Полацк — Даўгаўпілс, Магілёў — Жлобін рух быў спынены на працягу жніўня, таму перавозкі для групы ням. армій «Цэнтр» скараціліся на 40%. 2-і этап, пад умоўнай назвай «Канцэрт», праводзіўся з 19 вер. да пач. ліст. 1943. 3-і этап пачаўся ў ноч на 20.6.1944 і працягваўся да поўнага вызвалення Беларусі. Самалётамі партызанам было дастаўлена 52 т толу, каля 200 тыс. капсуляў-дэтанатараў, шмат зброі і боепрыпасаў. Падарвана 61 тыс. рэек, знішчана 8 чыг. мастоў, чым поўнасцю выведзены са строю найб. важныя чыг. лініі. Упершыню ў гісторыі вайны партызаны правялі аперацыю такога маштабу і з такімі вынікамі ў цесным аператыўна-тактычным узаемадзеянні з Чырв. Арміяй, што мела аператыўна-стратэгічнае значэнне ў ходзе яе наступлення.

Літ.:

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 2—3. Мн., 1984—85;

Пономаренко П.К. Всенародная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков, 1941—1944 М., 1986. С. 223—264;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 547.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)